СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-й сусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс. чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)